7 кастрычніка Каталіцкая Царква адзначае ўспамін Маці Божай Ружанцовай.

Бітва пры Лепанта. Абраз з касцёла св. Марыі Магдалены ў Севільі (Іспанія) / Сanningliturgicalarts.com

Дата святкавання звязаная з перамогаю хрысціянскага флоту ў бітве з туркамі пры Лепанта ў 1571 годзе, якую прыпісваюць асабліваму заступніцтву Найсвяцейшай Дзевы Марыі. Царква заахвочвае вернікаў на працягу ўсяго кастрычніка маліцца Ружанец — гэтую простую і адначасова вельмі глыбокую малітву.

Свята Маці Божай Ружанцовай

Узнікненне святочнай традыцыі звязана з перамогай у значнай бітве, якая вызначыла далейшы лёс Еўропы. Пры Лепанта ўдалося спыніць турэцкую экспансію на Міжземным моры.

7 кастрычніка 1571 годы аб’яднаныя флаты Іспаніі, Венецыі і Папскай дзяржавы пад кіраўніцтвам дона Хуана Аўстрыйскага нагалаву разбілі турэцкі флот.

У гэты дзень па вуліцах Рыма на чале з Папам Піем V прайшла працэсія, удзельнікі якой разам маліліся на ружанцы. У працэсіі з пашанаю неслі абраз Маці Божай Снежнай з рымскай базылікі святой Марыі Вялікай, які мае тытул Salus Populi Romani — «Збаўленне рымскага народа».

Як паведамляюць старадаўнія хронікі, перамогу ў бітве пры Лепанта дапамагла здабыць нечаканая змена ветру, што палічылі цудоўным умяшальніцтвам Марыі ў выніку малітвы на ружанцы.

З таго часу цудадзейная ікона Маці Божай Снежнай непарыўна звязана з ружанцовай малітвай і часам называецца абразом Маці Божай Пераможнай. Свята пад такой назвай устанавіў Папа Пій V, але праз год ягоны наступнік Грыгорый ХІІІ замяніў яго на свята ў гонар Маці Божай Ружанцовай. У 1716 годзе Папа Клімэнт ХІ распаўсюдзіў святкаванне на ўвесь Царква. Папа Леў ХІІІ у 1833 годзе дадаў у Ларэтанскую літанію заклік «Каралева Ружанца святога, маліся за нас», а праз два гады заклікаў маліцца Ружанец на працягу ўсяго кастрычніка.

Малітва на ружанцы

Цяжка вызначыць, дзе і калі першапачаткова ўзнікла традыцыя ружанцовай малітвы, таму можна лічыць, што Ружанец — гэта плён спалучэння і развіцця розных малітоўных формаў. Найчасцей распаўсюджванне ружанцовай малітвы звязваюць з дамініканскай традыцыяй.

Паводле яе, святы Дамінік меў аб’яўленне ў храме кляштара Пруй у Францыі, дзе яму з’явілася Маці Божая. Дзева Марыя перадала святому Дамініку ружанец, растлумачыла, як на ім маліцца, і папрасіла распаўсюджваць гэтае набажэнства. Як паведамляюць дамініканскія крыніцы, перадусім тэолаг XV ст. Ален дэ ла Рош (Алан дэ Рупэ), святы Дамінік спалучаў евангелізацыю і прапаведніцтва з малітвай на ружанцы і тлумачэннем таямніц збаўлення. Ён сцвярджае, што ружанцовая малітва дапамагла ў развянчанні ерасі альбігойцаў, якіх навяртаў святы Дамінік.

Святы Дамінік лічыў гэтую малітву містычным садам, «каронай з руж» Найсвяцейшай Дзевы Марыі, адкуль і паходзіць назва «Ружанец».

Праз пэўны час гэтая малітва распаўсюдзілася ва ўсім хрысціянскім свеце, чаму паспрыяла дзейнасць ружанцовых брацтваў. Да канца XVI стагоддзя ў Еўропе практычна не засталося горада, у якім бы не было такога брацтва. У цэрквах з’яўляліся капліцы Ружанца і брацкія алтары, з якімі былі звязаныя шматлікія адпусты.

Гэта спрыяла ўсё большай папулярнасці ружанцовай малітвы. Хоць набажэнства і не ўвайшло ў літургічны культ, аднак набыло паўсюдны характар і любоў вернікаў усіх станаў. Яго даступнасць для людзей, якія не ўмелі чытаць, дапамагала ім пазнаваць таямніцы веры, з-за чаго Ружанец пачалі называць «Часасловам для простага народа».

Сапраўдны росквіт ружанцовага набажэнства прыйшоўся на часы контррэфармацыі. Спалучыўшы ў сабе малітву з сузіраннем праўдаў веры, Ружанец — своеасаблівае «скарочанае Евангелле» — цудоўна адпавядаў рэалізацыі пастановаў Трыдэнцкага Сабору і стаў выдатным сродкам распаўсюджвання і паглыблення каталіцкай веры.

Ружанцовае набажэнства працягвалі распаўсюджваць дамінікане, якія ў XVII стагоддзі былі адным з найбольш магутных манаскіх ордэнаў у Царкве. У Рэчы Паспалітай яны мелі 182 кляштары, многія з якіх знаходзіліся на тэрыторыі сучаснай Беларусі.

Напэўна, не было парафіі, пры якой не дзейнічала б брацтва святога Ружанца. Да іх належалі практычна ўсе — ад караля да селяніна.

У шляхціцаў побач з шабляй на паясах віселі ружанцы.

Кастрычнік — ружанцовы месяц

У кастрычніку Царква асаблівым чынам заахвочвае вернікаў да простай і адначасова глыбокай ружанцовай малітвы. Гэтаму паспрыяў і адмысловы Год Ружанца, абвешчаны святым Янам Паўлам ІІ у 2002 годзе.

Матэр’ял падрыхтаваны а. Міколам Гракавым, перадрукаваны з Catholic.by

Пакінуць адказ

Fill in your details below or click an icon to log in:

WordPress.com Logo

You are commenting using your WordPress.com account. Log Out /  Змяніць )

Twitter picture

You are commenting using your Twitter account. Log Out /  Змяніць )

Facebook photo

You are commenting using your Facebook account. Log Out /  Змяніць )

Connecting to %s

%d bloggers like this: