Мучанікі за веру і еднасьць Царквы  

Пасьля падзелу Рэчы Паспалітай і далучэньня беларускіх земляў Расейская дзяржава пасьлядоўна рэалізоўвала ў жыцьцё старую ідэю: чыя ўлада, таго і рэлігія. Расея слушна пабойвалася, што ўніяцтва будзе перашкаджаць русіфікацыі і заняволеньню краю і чалавека. У 1839 годзе цар Мікалай І з дапамогай біскупа-здрадніка Сямашкі і ягоных спадручных ажыцьцявіў ліквідацыю Ўніяцкай Царквы ў Беларусі. Царскі ўрад пазбавіў уніятаў сваіх біскупаў і сьвятароў, якія не згадзіліся праводзіць рэформы, накіраваныя на разрыў еднасьці з Каталіцкай Царквой. Аднак вернікі, пазбаўленыя пастыраў, самі ахвярна баранілі сваю Царкву, сваю Літургію, нярэдка нават коштам уласнага жыцьця.

На Падляшшы, дзе як і ў Сапоцкінскім краі Унія праіснавала яшчэ некалькі дзесяцігоддзяў, перасьледаваньні ўніятаў мелі асабліва крывавы характар і былі добра падрыхтаваныя расейскімі ўладамі. Мэтанакіраваная рэалізацыя гэтага плану распачалася ў 1874 годзе. Ад гэтага часу расейскія праваслаўныя абрады павінны былі ў абавязковым парадку ўвайсьці ў жыцьцё Ўніяцкай Царквы на Падляшшы. Наступным крокам пасьля “ачышчэньня” абраду павінна было стаць “узьяднаньне”, якое адбылося 23 траўня 1875 году…

Апостальская Сталіца забараніла любыя самавольныя зьмены ў абрадах. Таму простыя вернікі-ўніяты лічылі, што пераход на так званы “чысты ўсходні абрад” у набажэнстве, да якога іх так настойліва схілялі расейскія ўладары, азначае скасаваньне Уніі і пераход у праваслаўе. У шмат якіх мясцовасьцях Холмскай япархіі ўніяты чынілі энергічны супраціў ачышчэньню абрадаў ад “лацінізмаў”, не дапускалі ў царкву новапрызначаных масквафільскіх сьвятароў. І рабілі яны гэта не беспадстаўна, бо амаль усе гэтыя “пастыры” ў хуткім часе зракліся веры продкаў. За сваю ўпартасьць многія ўніяты былі рэпрэсаваныя: іх абкладалі падаткамі, кідалі ў вязьніцы, цэлымі сем’ямі высылалі ў глыб Расеі…

Заняпалае падчас расейскага панаваньня мястэчка Пратулін, якое належала роду Патоцкіх, мела тады два храмы – касьцёл сьв. апосталаў Пятра і Паўла і драўляную ўніяцкую царкву Сьвятой Тройцы. Уніяцкая парафія налічвала ў 1860 годзе 1223 верніка, але ў самым Пратуліне пражывалі ўсяго толькі пяць парафіянаў, большасьць жыла ў навакольных вёсках: Багукалы, Зачопкі, Колчын, Вараблін, Дэрла, Лугі.

На пачатку студзеня 1874 году шматгадовы парах пратулінскай парафіі а. Язэп Курмановіч за сваё ўпартае нежаданьне прыняць праваслаўныя абрады быў арыштаваны і кінуты ў седлецкую турму. Уся парафія са сьлязьмі на вачах праводзіла закутага ў кайданы пастыра, які на разьвітаньне пасьпеў блаславіць вернікаў, каб трымаліся сваёй веры. Ад паслугаў сьвятара-масквафіла Лявонція Урбана з суседняе вёскі Крычаў, які ўжо служыў у сваёй царкве па новым уставе, пратулінскія парафіяне катэгарычна адмовіліся і папрасілі яго больш не прыязджаць. 7 студзеня – у дзень Раства Хрыстовага – жанчыны зачынілі храм і схавалі ключы. Тады сьвятар паведаміў пра гэта начальніку Канстанцінаўскага павету прапаршчыку Кутаніну і губернатару Грамэку, які загадаў зрабіць новыя ключы да царквы і ўвесьці ў яе новапрызначанага сьвятара.

23 студзеня звыш 500 уніятаў сабраліся каля сваёй царквы, каб не дапусьціць сьвятара-здрадніка. Пасьля трагічнага выпадку ў Дрэлёве, дзе 17 студзеня 1874 году пры абароне сваёй сьвятыні загінулі 5 парафіянаў (аднаго расейскія казакі забілі на месцы, а чацьвёра ў хуткім часе памерлі), дзесяць атрымалі цяжкія раны і каля 200 былі зьбітыя казакамі, пратулінскія вернікі добра ўсьведамлялі, якое выпрабаваньне чакае іх.

26 студзеня 1874 году ў маленькае падляскае мястэчка Пратулін, што на беразе Буга, прыбыло казачае войска. Уніяты ведалі, што абарона ўласнай сьвятыні можа каштаваць ім жыцьця, але яны йшлі да свайго храму, каб бараніць веру сваіх продкаў, і былі гатовыя на ўсё. Вера была для іх самым вялікім скарбам. Таму яны разьвітваліся з блізкімі ў сем’ях, апраналіся ва ўсё сьвяточнае, бо, як самі казалі, ішлі на сьвятую справу.
А 10-й гадзіне раніцы дзьве роты казакаў акружылі храм на царкоўных могілках, дзе ўжо колькі дзён чувалі некалькі сотняў вернікаў. Начальнік павету запатрабаваў, каб парафіяне аддалі ключы, прынялі новага сьвятара і разыходзіліся па хатах. Ён прапанаваў таксама выбраць некалькі сялянаў і паслаць іх у Дрэлёў, каб вернікі на ўласныя вочы пераканаліся, як дорага каштуе непаслушэнства ўладам. “Нашто мы павінны дзесьці хадзіць і на чужую кроў глядзець, – адказалі яму. – Няхай лепей яны прыйдуць і на нашу кроў паглядзяць ды пераканаюцца, што той самы дух, што ў іх жыве, і нас ажыўляе, і што тая самая вера і для нас, і для іх ёсьць дорага”.

Зразумеўшы, што зламаць веру ўніятаў немагчыма, было вырашана штурмам здабыць сьвятыню з дапамогай прыкладаў і багнетаў. Першая спроба ў казакаў не ўдалася – у рукапашным баі сяляне, з дапамогаю кіёў і камянёў, здолелі адбіць наступ. Тады, каля 12-й гадзіны, падпалкоўнік Штэйн загадаў салдатам заняць баявыя пазіцыі за царкоўным мурам і рыхтавацца да стральбы. Але ніхто з вернікаў не спалохаўся – усе гатовыя былі з годнасьцю памерці каля сваёй сьвятыні, засьведчыўшы тым самым сваю веру. Калі Штэйн аддаў загад страляць, уніяты адкінулі сваю “зброю” і пачалі сьпяваць царкоўныя песьні. Пачаліся стрэлы. упалі першыя забітыя і параненыя, але вернікі не адступалі – яны мужна ішлі з крыжом і сьпевамі пад кулі казакаў. Безабаронных людзей калолі штыкамі, білі кіямі па галаве, выбівалі прыкладамі зубы, а калі хтосьці падаў на зямлю – білі нагамі і цягалі за валасы. Каля царквы засталіся ляжаць 9 забітых, 14 было цяжка паранена (4 з іх памерлі ўжо дома) і яшчэ больш за 180 парафіянаў былі жорстка зьбітыя.

На наступны дзень усіх здаровых мужчынаў-уніятаў з пратулінскай парафіі павывозілі ў турмы Белай, Седльцаў і Берасьця. Жанчынаў, дзяцей і параненых разагналі ад царквы па хатах нагайкамі, а забітых пры абароне сьвятыні без усякай павагі пахавалі ў агульнай магіле салдаты расейскага войска. Нават сваякі не былі дапушчаныя на пахаваньне, якое адбылося па праваслаўным абрадзе. Сама ж магіла была зраўнаная з зямлёй, каб памяць пра мучанікаў загінула.

У навакольных вёсках было абвешчана, што так будзе з усімі, хто будзе супраціўляцца волі цара.

Трагічныя падзеі на Падляшшы ў хуткім часе сталі вядомыя ўсяму хрысьціянскаму сьвету. Міжнародны розгалас прымусіў расейскія ўлады спыніць расстрэлы ўніятаў. Але рэпрэсіі працягваліся…

Аднак вернікі не дапусьцілі, каб памяць пра іх мужных продкаў-уніятаў загінула. У 1818 годзе месца пахаваньня пратулінскіх уніятаў было ўпарадкавана і належным чынам ушанавана. На жаль, толькі праз 45 гадоў пасьля трагедыі – у 1919 годзе – пачалі запісваць першыя пісьмовыя сьведчаньні аб пратулінскіх мучаніках. У 1938 годзе афіцыйна быў распачаты працэс па беатыфікацыі пратулінскіх мучанікаў. Аднак яго спыніла вайна і наступнае ўладараньне камуністаў. Толькі з 1964 году ён быў адноўлены. 18 траўня 1990 году рэшткі мучанікаў-уніятаў былі ўрачыста перанесены ў пратулінскі рыма-каталіцкі храм. А 6 кастрычніка 1996 году Папа Рымскі Ян Павал ІІ абвясьціў уніяцкіх мучанікаў з Пратуліна блаславёнымі.

Сёньня знайсьці інфармацыю ў архівах пра простага селяніна, які жыў у другой палове ХІХ стагоддзя, вельмі складана. Але, дзякуючы дасьледчыцы з Польшчы праф. Ганьне Дылянговай, мы можам сказаць некалькі словаў пра 13 уніятаў, якія загінулі ў абароне веры і еднасьці Царквы Хрыстовай каля сваёй сьвятыні ў Пратуліне 26 студзеня 1874 году.

Першым, хто аддаў сваё жыцьцё пры абароне сваёй веры, быў Вінцэнт ЛЕВАНЮК, сын Васіля. Нарадзіўся ён у 1849 г. у в. Крычаў, у мясцовай парафіяльнай царкве быў ахрышчаны. Жыў і працаваў ён у маёнтку Вараблін, які належаў роду Брынзаў. Меў жонку Марыяну. Быў чалавекам пабожным і карыстаўся павагаю людзей.

Даніла КАРМАШ (у пасьведчаньні аб нараджэньні ён і ягоныя бацькі запісаныя пад прозьвішчам Кармашук) нарадзіўся 22 сьнежня 1826 г. (ст. ст.). у в. Прадмесьце Пратулін. Ягонымі бацькамі былі селянін Конрад і Анастасія з роду Грыцюкоў. Быў ахрышчаны ва ўніяцкай царкве 23.12.1826 г. (ст. ст.). Меў жонку Ганну, утрымліваў гаспадарку ў в. Лугі. Ягоны сын сьцьвярджаў, што бацька быў чалавекам вельмі рэлігійным. Як старшыня царкоўнага брацтва падчас абароны царквы ён стаяў на чале грамады вернікаў, трымаючы ў руках крыж, які і сёньня захоўваецца ў якасьці сьвятыні ў Пратуліне.

Лукаш БОЙКА нарадзіўся 29 кастрычніка 1852 г. (ст. ст.) у в. Зачопкі ў сям’і сялянаў Дзьмітрыя і Анастасіі з роду Войдаў. Быў ахрышчаны ў парафіяльнай царкве ў Пратуліне 30.10.1852 г. (ст. ст.) сьвятаром Янам Жыпоўскім, парахам парафіі ў Крычаве, адміністратарам парафіі ў Пратуліне ў 1850-1866 гадах. Бацька і хросныя бацькі – Конрад Паляшук і Пелагея Хітайліха – як непісьменныя, акт аб нараджэньні не падпісалі. Быў нежанаты, жыў у в. Лугі. Ягоны брат сьведчыў, што Лукаш быў чалавекам шляхетным, рэлігійным і карыстаўся павагай у вяскоўцаў. У час абароны сьвятыні ён біў у званы, склікаючы вернікаў.

Канстанцін БОЙКА (на палях акту аб нараджэньні – Байчук) нарадзіўся 25 жніўня 1826 г. (ст. ст.) у в. Дэрла ў сям’і Рамана і Хвядоры з роду Кананюкоў. Меў жонку Ганну, жыў у Зачопках. Быў бедным земляробам і справядлівым чалавекам. Загінуў ля царквы.

Канстанцін ЛУКАШУК, 45 гадоў, жанаты, з в. Зачопкі. Ягонымі бацькамі былі сяляне Тадэй і Франка. Як і большасьць з забітых, ён быў ахрышчаны шматгадовым пратулінскім парахам Міхаілам Мазаноўскім. Бацька і сьведкі (хросныя бацькі – Лукавіян Гаўрылюк і Марыяна Ахрымукова) акт аб нараджэньні не падпісалі, бо былі непісьменныя. Меў жонку Грыпу. Быў справядлівым і пачцівым чалавекам, якога паважалі людзі. У выніку атрыманых ранаў памёр 27 студзеня 1874 г., на наступны дзень пасьля расстрэлу, пакінуўшы жонку ды сямёра дзетак.

Баўтрамей АСІПЮК нарадзіўся 3 верасьня 1843 г. (ст. ст.) у сям’і сялянаў Васіля і Матроны з роду Кандрасюкоў. Паходзіў з в. Багукалы. Меў жонку Натальлю і дваіх дзяцей. Валодаў маленькай гаспадаркай, але, нягледзячы на гэта, карыстаўся павагай у вяскоўцаў. Быў пачцівым, кемлівым і пабожным чалавекам. Сьмяротна параненага яго прывезьлі дадому, дзе ён і памёр, молячыся за сваіх перасьледнікаў.

Аніцэт (Мікіта) ГРЫЦЮК быў сынам селяніна Язэпа і Юльяны, нарадзіўся ў 1855 г. Ахрышчаны ў Пратуліне. Быў нежанаты, жыў у в. Зачопкі. Гэты 19-гадовы юнак быў добрым і пабожным вернікам, вельмі любіў сваю Царкву. Ідучы ў Пратулін з ежаю для абаронцаў сьвятыні, сказаў сваёй маці: “Можа, і я буду годным, каб мяне забілі за веру”. Загінуў пры абароне сьвятыні каля апоўдня.

Піліп ГЕРЫЛЮК (у акце аб нараджэньні – Кірылюк) нарадзіўся 26 лістапада 1830 г. (ст. ст.) у в. Зачопкі ў сям’і Васіля і Дамінікі з роду Каралюкоў. Ахрышчаны 28.11.1830 г. (ст. ст.) парахам Міхаілам Мазаноўскім. Меў жонку Еўфрасіньню. Ягоны ўнук сьведчыў, што ён быў клапатлівым бацькам, добрым і пабожным чалавекам. Заклікаў вернікаў да стойкасьці і мужнасьці пры абароне царквы і сам аддаў сваё жыцьцё за веру.

Ігнат ФРАНЧУК меў 50 гадоў, паходзіў з в. Дэрла. Ягонымі бацькамі былі сяляне Даніла і Ахацыя. Ахрышчаны ў парафіяльнай царкве ў Пратуліне. Меў жонку Гэлену і сямёра дзяцей. Сын сьведчыў, што бацька імкнуўся выхоўваць сваіх дзяцей у любові да Бога. Вернасьць Богу ён ставіў вышэй за ўсё. Ідучы ў Пратулін, апрануўся ўва ўсё сьвяточнае і разьвітаўся з усёй сям’ёй, як быццам адчуваў, што ўжо ня вернецца. Пасьля сьмерці Данілы Кармаша ён падняў крыж і стаў на чале вернікаў, што баранілі сьвятыню.

Ян АНДРАНЮК нарадзіўся ў в. Дэрла ў сям’і Стэфана і Йанны з роду Тамашукоў 8 красавіка 1848 г. (ст. ст.). Жыў у в. Дэрла. Меў жонку Марыну. Як сьцьвярджала ягоная сястра, меў сына Нестара. Умеў пісаць і чытаць. У парафіі выконваў функцыі скарбніка. Быў вельмі добрым і кемлівым чалавекам. Цяжка паранены пры абароне свайго храму, памёр дома ва ўзросьце 25 гадоў.

Максім ГАЎРЫЛЮК нарадзіўся ў в. Багукалы 2 траўня 1840 г. (ст. ст.) у сям’і Паўла і Барбары з роду Васілюкоў. Быў жанаты на Дамініцы. Меў рэпутацыю добрага, пачцівага чалавека. Быў цяжка паранены ля царквы. Памёр ва ўласным доме ў в. Дэрла на наступны дзень пасьля расстрэлу ва ўзросьце 33 гадоў.

Анупрэй ВАСІЛЮК (Тамашук), меў 21 год, нарадзіўся і жыў у в. Зачопкі. Ягонымі бацькамі былі Ігнат і Юльяна. Быў ахрышчаны ў Пратуліне сьвятаром Янам Жыпоўскім. Меў жонку Цэцылію. Быў добрым вернікам і карыстаўся павагаю людзей. Забіты казакамі пры абароне ўласнай сьвятыні.

Міхаіл ВАЎРЫШУК меў 21 год. Нарадзіўся ён у сялянскай сям’і Мікіты і Агнешкі ў в. Ольшын. Ахрышчаны ў Пратуліне. Жыў у в. Дэрла. Памёр ад ранаў ва ўласным доме на наступны дзень пасьля расстрэлу ў Пратуліне.
Пратулінскія мучанікі былі простымі сялянамі, але ўсе дакументы і апытаныя сьведкі адназначна гавораць пра тое, што ўсе яны былі людзьмі шчырай веры. Мучанікі з Пратуліна вельмі падобныя да мучанікаў з першых стагоддзяў хрысьціянства, якія гінулі толькі за тое, што адважна вызнавалі веру ў Хрыста.

У дзень беатыфікацыі Падляшскіх мучанікаў (6 кастрычніка 1996 году) Сьвяты Айцец Ян Павел ІІ падчас свайго казаньня адзначыў: “Вінаградары, схапіўшы слугаў ягоных, каго пабілі, каго забілі, а каго каменьнем закідалі” (Мц 21, 35). Ці ж ня той самы лёс стаўся ўдзелам Вінцэнта Леванюка і ягоных паплечнікаў, мучанікаў з Падляшша? Як “верныя слугі” Госпада, поўныя надзеі ў моц Ягонае ласкі, яны далі сьведчаньне сваёй прыналежнасьці да Каталіцкай Царквы, верныя ўласнай усходняй традыцыі. Яны зрабілі гэта цалкам сьвядома і не завагаліся, калі давялося прынесьці ў ахвяру жыцьцё ў пацьверджаньне сваёй адданасьці Хрысту.

Ня думаючы пра сябе, мучанікі з Пратуліна баранілі ня толькі сьвятыню, перад якой прынялі сьмерць, але таксама і Царкву, якую Хрыстос даручыў апосталу Пятру. Тую Царкву, часткай якой пачуваліся, як жывыя камяні. Яны пралілі сваю кроў, будучы зьяднаныя з Сынам Божым, які быў выкінуты зь вінаградніка і забіты (Мц 21, 39) для збаўленьня і паяднаньня чалавека з Богам. Узьнесеныя сёньня на алтар Вінцэнт Леванюк і ягоныя дванаццаць паплечнікаў сваім прыкладам і заступніцтвам запрашаюць усіх нас, каб мы мужна йшлі па шляху да поўнай еднасьці ўсёй сям’і вучняў Хрыстовых, у духу экуменічных настаўленьняў ІІ Ватыканскага Сабору”.

Седлецкая рыма-каталіцкая дыяцэзія ў Польшчы традыцыйна адзначала дзень памяці Падляшскіх мучанікаў 24 студзеня. Гэты дзень вырашана пакінуць тут і надалей.

Вікенці ВЕРАМЮК

Пакінуць адказ

Fill in your details below or click an icon to log in:

WordPress.com Logo

You are commenting using your WordPress.com account. Log Out /  Змяніць )

Twitter picture

You are commenting using your Twitter account. Log Out /  Змяніць )

Facebook photo

You are commenting using your Facebook account. Log Out /  Змяніць )

Connecting to %s

%d bloggers like this: