39. У тыя дні Марыя, устаўшы, пайшла з пасьпехам у горы, у горад (пакаленьня) Юды.
40. І ўвайшла ў дом Захарыі, і прывітала Альжбету.
41. І калі Альжбета пачула прывітаньне Марыі, падскочыла дзіцятка ў ейным улоньні, і Дух Сьвяты напоўніў Альжбету,
42. і загаманіла яна моцным голасам, кажучы: “Багаслаўленая Ты між жанчынаў, і багаслаўлены плод улоньня Твайго.
43. А скуль жа мне гэта ласка, што Маці Госпада майго прыйшла да мяне?
44. Бо як толькі загучэў голас прывітаньня Твайго ў вушах маіх, падскочыла з радасьцяй дзіцятка ў маім улоньні.
45. І шчасьлівая тая, што ўверыла, бо споўніцца сказанае Ёй ад Госпада”.
Гімн Марыі
46. І сказала Марыя: “Узьвялічвае душа Мая Госпада,
47. і ўзрадаваўся дух Мой у Богу, Збаўцы Маім,
48. бо ўзглянуў Ён на пакорнасьць служанкі сваёй. Вось адгэтуль шчасьлівай называць Мяне будуць усе роды,
49. бо зрабіў Мне вялікія рэчы Магутны, і сьвятое імя Яго,
50. і міласэрдзе Ягонае з пакаленьня ў пакаленьне тым, што баяцца Яго.
51. Выявіў магутнасьць пляча свайго, разагнаў пыхлівых у намерах сэрцаў сваіх,
52. спіхнуў моцных з пасадаў і ўзвысіў пакорных.
53. Галодных насыціў даброцьцем, а багатых адправіў ні з чым.
54. Прытуліў Ізраэля, слугу свайго, памятаючы на міласэрдзе,
55. як прадказаў бацькам нашым, Абрагаму і нашчадкам ягоным навекі”.
56. Ды заставалася з ёю Марыя каля трох месяцаў, і вярнулася ў свой дом.
Лукі 1.39-56
Пераклад а. Уладзіслава Чарняўскага