КОЛЬКІ СЛОЎ ПРА ЯГОНАЕ ДУХОЎНАЕ СЛУЖЭНЬНЕ
I. МУЧАНІЦКІ ПОДЗЬВІГ
Да нядаўняга часу ў беларускай і польскай гістарыяграфіі існавала
некалькі розных версіяў адносна прычыны, даты і месца сьмерці Экзарха Неманцэвіча. 24 жніўня 2004 г. (…) гісторык Яўген Усошын адшукаў у Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь новы каштоўны дакумент пра дату сьмерці і пахаваньня Экзарха Антона Неманцэвіча.
Адшуканы дакумент пра сьмерць і паховіны Экзарха А. Неманцэвіча
трапіў у фонд 370 дакументаў Генеральнага камісарыяту Беларусі, у архіўную справу Перапіска з акружнымі камісарыятамі і служыцелямі
рэлігійнага культу пра ідэалагічнае выхаваньне мясцовага насельніцтва
і па пытаньнях царквы (ф. 370, воп. 1, спр. 2, арк. 5). Дакумент выглядае наступным чынам: на ім прысутнічае рэгістрацыйны штамп канцылярыі Генеральнага камісарыяту з пазначанай на ім датай – 21 студзеня
1943 г. Дакумент падпісаны оберштурмбанфюрэрам СС без расшыфроўкі яго прозьвішча. Можна думаць, што подпіс на дакумэнце належыць
Эдуадру Штраўху, бо менавіта ён быў камандзірам паліцыі бясьпекі і
СД у Менску ў гэты час. У згаданым дакуменце сьцвярджаецца: «З меркаваньняў паліцыі бясьпекі Неманцэвіч мусіў быць пераведзены са Слоніма ў Мінск. 30.11.1942 г. ён захварэў на сыпны тыф. […] Зважаючы на
значэньне ягонай асобы, ён быў дастаўлены ў штабкватэру паліцыі
бясьпекі і СД Беларусі. Тут ён памер 6.01.1943 г. ад сардэчна-сасудыстай недастатковасьці, якая наступіла пасьля сыпнога тыфу». Але
айцец Антон хварэў на тыф яшчэ ў дзяцінстве і меў імунітэт на яго,
таму можна згадзіцца з айцем Львом Гарошкам, які лічыць, што нямецкія нацысты проста спрабавалі схаваць такім чынам забойства (сярод тартураў) айца Антона як выдатнага душпастыра і высокага царкоўнага
ярарха. У любым выпадку можна гаварыць пра ягонае мучаніцтва ex
aerumnis carceris (вычарпаньне ў варунках турмы).