КОЛЬКІ СЛОЎ ПРА ЯГОНАЕ ДУХОЎНАЕ СЛУЖЭНЬНЕ
IV. «СЛУЖЫЦЬ БОГУ, А НЕ ІМ ПАСЛУГОЎВАЦЦА»
Крытыкі унійнае акцыі абвінавачвалі яе то ў апалячваньні беларускага народу праз лацінізацыю (як некаторыя непрыяцелі нэа-уніі з праваслаўнага асяродзьдзя), то ў русіфікацыі беларускага народу (як некаторыя абаронцы польскасьці «крэсаў усходніх»). Адказам ім было сьцьвярджэньне айца Антона Неманцэвіча, што дзеля дасягненьня адной-адзінай іх мэты – злучэньня ў адно ўсіх хрысьціянаў – сьвятары «ўсходне–славянскага абраду выяўляюць сваю гатоўнасьць служыць толькі Богу і дзеля Бога».
Айцец Антон зусім цураўся палітыкі. Ня знойдзем ніводнага ягонага
выказваньня, якое можна было б трактаваць як палітычнае. У міжваенны час у Заходняй Беларусі шмат беларускіх сьвятароў актыўна ўдзельнічалі ў палітычнай дзейнасьці. Нават пасьля афіцыйнай забароны каталіцкім сьвятарам удзельнічаць у палітыцы, некаторыя з іх падтрымлівалі актыўныя кантакты з беларускімі палітычнымі дзеячамі. Айцец Антон не ангажаваўся ні ў якія палітычныя групоўкі. Ад справы свайго жыцьця – еднасьці Цэркваў – ён чакаў толькі добрых пладоў менавіта таго, што «цяперашняя Унія не мае на мэце якіхсьці карысьцяў палітычных, а толькі рэлігійныя – аб’яднаньне хрысьціян». Гэтае сьцьверджаньне вынікала са словаў, якія можна лічыць
жыцьцёвым прынцыпам А. Неманцэвіча: «Наш абавязак адносна Бога –
Яму служыць, а не Ім паслугоўвацца». Нават калі ён у сваім часопісе закранаў палітычную тэму, то ацэньваў яе з пункту погляду рэлігійнага і маральнага. Напрыклад, калі ён пісаў артыкулы пра бязбожны камунізм, то ганіў менавіта спробы зладзіць грамадзкае жыцьцё бяз Бога, зьнішчэньне Царквы Хрыстовай
і масавае праліцьцё крыві бальшавікамі. З другога боку, насьледуючы
папу Пія ХІ, таксама ня мог не лічыць нацызм «неакелзаным расавым
вар’яцтвам». Чужой для айца Антона была таксама нацыянальная абмежаванасьць. У першай палове дваццатых гадоў ХХ стагоддзя ён у маскоўскім касьцёле сьвятых Пятра і Паўла служыў польскай моладзі, якая ў тыя часы гуртавалася каля гэтага вогнішча рэлігійнасьці і за гэта быў арыштаваны бальшавікамі. У другой палове трыццатых гадоў ён выязджаў
для працы на ўкраінскія парафіі на Валыні.
Найбольш блізкай, аднак, была для яго праца для беларусаў і па-беларуску. Акрамя беларускамоўнага часопіса «Да Злучэньня», які 1936 г.
быў забаронены польскімі ўладамі, айцец Антон закладаў рэлігійныя
гурткі для дзетак-беларусаў, праца ў якіх праходзіла па-беларуску. Ужо
як Экзарх (на пасаду экзарха для беларускіх грэка-католікаў ён быў
прызначаны мітрапалітам Андрэям Шаптыцкім 17 верасьня 1940 г.) заснаваў «Апостальства малітвы за Беларусь».
Глыбокі аналіз народнага быту спарадзіў у айца Антона наступную
горкую выснову: «Найбольшы наш вораг, браты Беларусы, мусім сказаць праўду, гэта адсутнасьць сьведамасьці народнай у саміх Беларусаў»21. Блытаньне рэлігіі з нацыянальнасьцю востра атакавалася на
старонках «Да Злучэньня»: «Хай жа Беларус ведае, што няма ані польскай, ані рускай веры. Хай не мяшае народнасьці з рэлігіяй. Ці Беларус
праваслаўны, ці каталік, ён заўсёды Беларус». Гэтыя словы паказваюць, што айцец Антон стараўся быць душпастырам і сьведкам Евангельля для ўсіх сваіх суайчыньнікаў, незалежна ад веравызнаньня.