Гісторыя парафіі

Гісторыя парафіі якая мае за апякунку Багародзіцу у Мінску вельмі доўгая. Прымаецца, што першая царква пабудаваная ў Мінску мела тытул звязаны з Багародзіцай, некаторыя падаюць Раства Багародзіцы, або Успення Багародзіцы. У 1500 годзе у ёй была змешчаная ікона Маці Божай Мінскай, які ў 1616 годзе быў перанесены ў Святадухаўскую базіліянскую царкву.

Мінскі замак на якім знаходзілася царква часта разбураўся захопнікамі, або гарэў. На пераломе XVIII i XIX стагоддзяў драўляная царква Успенская належала мітрапаліту і знаходзілася прыблізна каля цяперашняга маста на Нямізе. Парафія ў 1792 годзе: “Рынак Высокі і цэлы корпус места … юрыздыка ксяндзоў базыліянаў па вул. Дамініканскай з падвалам Ляхаўка, за мястам Слабада, … Серабранка айцоў Базыльянаў мінскіх, дамоў 43, у цалай парафіі душ 212, годных да споведзі 122. У 1802 годзе было вырашана разабраць верагодна моцна знішчаны драўляны зруб.

Ікона Маці Божай Мінскай

Яшчэ адна царква пад багародзічным тытулам існавала ў в. Крупцы (цяпер у Мінску трошкі за Вяснянкай на праспекце Пераможцаў) паводле царкоўнага падання ля крыніцы маёнтка Крупцы, адбылося цудоўнае аб’яўленне абраза Маці Божай. Хутка над крыніцай была ўзведзена драўляная капліца у 1612 годзе там ужо стаяла капліца з назвай Пакрова Маці Божай. Царква была філіяльнай ад мінскай парафіі У 1839г. святыня стала праваслаўнай.

Пра лёсы адроджанай грэка-каталіцкай мінскай парафіі, якая абрала за сваю апекунку Багародзіцу прачытайце калі ласка ніжэй.

Антанюк Іван Ігнатавч

Гісторыя парафіі Маці Божай Нястомнай Дапамогі

Успамін парафіяніна

Гарбачоўская перабудова ў 1980-я гады зрабіла круты паварот у гісторыі Савецкага Саюза. Гэта быў магутны выбух у лёсах народаў, якія уваходзілі ў склад СССР. Была разняволена народная памяць, пачалося нацыянальнае абуджэнне. Пачаліся часы, калі мы пачалі вяртаць сабе забытае, згубленае па дарозе гісторыі папярэднімі пакаленнямі, страчанае сярод ліхалецця і катаклізмаў гісторыі. Пачалося адраджэнне духоўнай памяці.

Абуджалася жыццё ўсіх хрысціянскіх канфесій. Пачалося абуджэнне і ўваскрашэнне з абломкаў гісторыі, гвалтоўна аднятай у беларускага народу грэка-каталіцкай (уніяцкай) веры. Пачатак гэты быў няпросты, драматычны. (…).

Пачынаць адраджэнне ўніяцтва прыйшлося з нуля. Пра ўніяцтва на Беларусі мала хто што-небудзь ведаў. Ні ў гісторыі, ні ў друку пра ўніяцтва нічога не ўгзадвалася. На такую згадку было накладзена табу. У школьных падручніках па гісторыі падзея царкоўнай уніі толькі ўзгадвалася без падрабязнага аналізу таго, хто з кім аб’яднаўся і з якой мэтай.

Першае гуртаванне ўніятаў у Менску адбывалася вакол святара Яна Матусевіча. Да гэтага ён служыў ксяндзом у касцёле ў мястэчку Баруны (былая ўніяцкая царква). У 1980-х гадах ён пачаў справу адраджэння ўніяцтва ў Менску. Вакол яго згуртавалася невялічкая група супольнасць аматараў, якія былі аб’яднаныя нацыянальнай ідэяй, ідэяй аднаўлення беларускай мовы, гісторыі, духоўнасці. Гэта былі Ян Антанюк, Андрэй Абламейка (цяпер святар), Святлана Шавякова, Ганна Гакоўчык, Іна Царыкава, Лідзія Баразнёнак, Ніна Будай і іншыя.

Перад тым, як стварыць парафію, праводзілася падрыхтоўчая работа. Сустрэчы праходзілі на кватэры айца Яна Матусевіча, дзе вырашаліся арганізацыйныя пытанні. Цяжкасці сустракаліся адна за адной. Спачатку цяжкасць была ў тым, што ў нас не было духоўнай літаратуры. Першыя літургічныя службы праводзіліся па рукапісных тэкстах. Потым з’явіліся друкаваныя тэксты, а яшчэ пазней – друкаваныя малітоўнікі.

Богаслужэнні праходзілі на кватэры айца Яна, затым ля сценаў царквы св. Пятра і Паўла на Нямізе. Некалькі службаў правёў Пётр Пятровіч. (…)

У нашым адражджэнні вялікую дапамогу аказвалі святары а. Ян Матусевіч, а. Віктар Данілаў, а. Казімір Ляховіч, а. Ігар Кандраццеў, а. Валерый Алексійчук (цяпер Венедыкт, дапаможны біскуп Львоўскай архіепархіі Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы), а таксама місіянеры Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы. (…)

Адраджэнне Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы (БГКЦ) адбывалася ў цесным кантакце з Рыма-Каталіцкім Касцёлам, асабліва ў пытаннях арганізацыі богаслужэння.

Адчувальную дапамогу аказваў апостальскі візітатар для беларускіх грэка-каталікоў замежжа айцец Аляксандр Надсан, які ўзначальвае беларускую ўніяцкую парафію ў Лондане. Паралельна з ім дапамогу аказваў англійскі навуковец Гай Пікарда. Нястомны даследчык беларускай духоўнай музыкі, узнагароджаны медалём Францішка Скарыны, Пікарда падарыў копіі нотаў уніяцкай беларускай музыкі, якія цудам захаваліся ў сховішчах Лондана. Цела Гая Пікарда пакоіцца, згодна яго пажаданню, у касцёле св. Сымона і Алены ў Менску.

Як бачым, наша адраджэнне абдывалася ў цесным кантакце з нашымі аднаверцамі. Было цяжка, але ж мы рухаліся наперад. Неўзабаве, 14 лістапада 1990 г. мы зарэгістравалі першую менскую парафію. Гэта была парафія праведнага Язэпа. Узначаліў яе айцец Ян Матусевіч. Пасля яго смерці ў 1998 г. парафію ўзначаліў айцец Андрэй Абламейка.

Парафія іконы Маці Божай Нястомнай Дапамогі была зарэгістравана крыху пазней, 21 кастрычніка 1993 года. Парафія першапачаткова была зарэгістравана на мой хатні адрас (…). 6 жніўня 2004 года пасля пакупкі будынка на зав. Снежным парафія была перарэгістравана на гэты адрас. Для першапачатковай рэгістрацыі была абрана царкоўная рада. У яе склад увайшлі Лідзія Баразнёнак (сакратар), Іна Фёдарава (скарбнік), Мікалай Смоляк, Алесь Цыркуноў, Зміцер Беразоўскі, Сяргей Лянко, Алена Сівакова, Валянціна Такушэвіч, Ганна Галоўчык, Святлана Шавякова, Іра Ляшэвіч. Я быў абраны старшынёй царкоўнай рады. Трэба заўважыць, што ў склад парафіі ўвайшла галоўным чынам беларуская інтэлігенцыя, якая разбіралася ў гісторыі ўніяцтва і ведала яго, ды й у цяперашні час парафія складаецца галоўным чынам з інтэлігенцыі.

Парафія створана. Паўстала пытанне месца правядзення богаслужэння. З гэтым пытаннем мы звярнуліся да кіраўніцтва Фрунзенскага раёна Менска. Кіраўніцтва вызначыла нам пакойчык у будынку на вуліцы Прытыцкага, д. 34, на першым паверсе (былы “чырвоны куток”). На той час мы гэтаму былі рады. Адрамантавалі яго і пачаліся сістэматычныя богаслужэнні. Атэісты пратэставалі, пісалі скаргі кіраўніцтву раёна. Але ж спрэчкі вырашаліся на нашу карысць, так як мы працавалі ў межах закону. Арэнду плацілі вельмі вялікую, недзе каля 64 000 р. (у той час, калі пенсію атрымлівалі каля 600 р.) Паколькі парафію складала галоўным чынам інтэлігенцыя (традыцыйна бедная), то утрымліваць гэты пакой было вельмі накладна.

У дні, калі мы праводзілі службы на вуліцы Прытыцкага, нам была ахвяравана ікона з цудоўнай гісторыяй. Падчас вайны палалі беларускія гарады і вёскі, а з імі палалі і драўляныя цэрквы. На папялішчы адной царквы нямецкі салдат знайшоў закураную ікону. Ён падняў яе і вазіў яе з сабою ўсю вайну. Пасля вайны ён доўгі час захоўваў яе ў сябе дома ў Нямеччыне. У дні нашага адраждэння ён гэтую ікону асабіста ахвяраваў нашай парафіі. Яна і цяпер захоўваецца ў свяцілішчы нашай капліцы.

Узнікла патрэба пабудаваць парафіяльную царкву. З гэтым пытаннем мы зноў звярнуліся да кіраўніцства Фрунзенскага раёна. Нам была вызначана пляцоўка для пабудовы царквы па вуліцы Матусевіча ў раёне, дзе планавалася будаваць ФАК (фабрычна-аздараўленчы комлекс) тонкасуконнага камбінату. Развярнуць гэтую пабудову мы не змаглі ў вызначаны тэрмін (3 гады), не было сродкаў, таму ўлады скасавалі сваё рашэнне.

Плаціць такія падаткі нам было не пад сілу. Прыйшлося шукаць іншае месца для правядзення набажэнстваў. Па Божаму провіду мы выйшлі на пробашча Чырвонага касцёла ксяндза Уладзіслава Завальнюка (былы настаяцель грэка-каталіцкай парафіі ў Кішынёве). Ксёндз Уладзіслаў з разуменнем паставіўся да нашай просьбы і даў патрэбны нам дазвол. Ён вызначыў месца ў скляпеннях касцёла побач з бібліятэкай. Платы не браў і не бярэ. Гэты сапраўдны хрысціянскі ўчынак нас акрыліў. Мы абудзіліся духам і ўмацаваліся ў нашых намерах, падняўся настрой.

(…)

Жыццё рухалася наперад. Узнікла неабходнасць стварыць уніяцкі духоўны цэнтр. Для гэтай мэты 23 траўня 1995 г. быў набыты дом на зав. Снежным. Было прынята рашэнне зрабіць рэканструкцыю гэтага будынку так, каб было вылучана жытло для святара і пакойчык для набажэнстваў. Пасля архітэктурнай экспертызы было высветлена, што дом рэканструкцыі не падлягае. Пабудаваны ён быў пасля вайны, як кажуць, на хуткую руку. Падмурак быў вельмі слабы. Сцены былі зроблены з розных матэрыялаў: адна сцяна была драўляная, другая цагляная, трэцяя – шлакабетонная. Паўсюль былі затынкаваныя шчыліны. Было прынята рашэнне знесці дом і на яго месцы пабудаваць новы. З генеральным падрадчыкам ТАА “Будінвест” 11 траўня 1999 г. была заключана дамова на рэканструкцыю дома. Дом быў рэканструяваны, і 14 снежня 1999 г. быў перададзены на правах уласнасці парафіі Маці Божай Нястомнай Дапамогі. Я ўзначальваў усе работы перабудовы.

(…)

Ішоў час. Яшчэ ў 1993 г. быў прызначаны апостальскі візітатар для грэка-каталікоў Беларусі айцец Сяргей Гаек. Усё перамянілася ў лепшы бок. Дзякуючы яго намаганням былі праведзены адпаведныя перамовы з мясцовымі ўладамі, і мы атрымалі патрэбны дазвол. З 30 ліпеня 2009 г. тут пачаліся рэгулярныя богаслужэнні.

Арганізатарам і першым кіраўніком парафіі Іконы Маці Божай Нястомнай Дапамогі быў а. Казімір Ляховіч, надзвычай таленавіты арганізатар і стратэг. Чалавек з выдатнымі арганізатарскімі здольнасцямі, ён пачынаў ствараць парафію з яе асновы (актыву). Добра вывучаў сваіх парафіянаў, іх актыўнасць, удзел у адраджэнні ўніяцтва. Выбіраў самых актыўных і заахвочваў іх да актыўнай парафіяльнай працы. Ён удала выкарыстоўвал для аб’яднання актыву парафіі магчымасці, якія былі яму пад сілу. У казаннях ён заўжды выказваў падзяку тым, хто вызначаўся ў сваіх дзеяннях на карысць парафіі, раздаваў бясплатна духоўную літаратуру, арганізоўваў рэгулярна пілігрымкі па Беларусі, Украіне, Літве, Латвіі, Польшчы. Ён заўсёды выступаў у ролі экскурсавода, расказваў дэталёва пра касцёлы, нібы быў звязаны з імі ўсё жыццё. Да кожнай пілігрымкі ён рыхтаваўся грунтоўна, праводзіў яе прафесійна. Выпускаў таксама парафіяльную газету “Шлях да Хрыста”.

Парафіяне плацілі яму павагай і любоўю. Узначальваў парафію ён амаль 20 гадоў. Сваёй духоўнай працай і арганізатарскімі здольнасцямі ён, можна з упэўненасцю сказаць, паставіў парафію на ногі. Айцец Казімір за сваю бытнасць у парафіі ахрысціў каля 200 чалавек. Згадзіцеся, што гэта не малая лічба, калі ўлічыць умовы нашага адраджэння.

У 2005 годзе ў выніку рэарганізацыі а. Казімір быў вымушаны пакінуць нашу парафію, але душою застаўся з намі. Яго памятаюць, яму тэлефануюць, да яго ездзяць удзячныя парафіяне на святы, сяброўскія сустрэчы. Усіх нас ён сустракае з той жа любоўю і павагай, якую ён нам дарыў, калі быў з намі.

25 снежня 2012 г., у свята Нараджэння Хрыстова, на парафіі ўрачыста адкрываецца супольнасць рэдэмптарыстаў, якую складаюць двое беларусаў, што прайшлі святарскую фармацыю ва Украіне: айцы Антон Нікалаеў і Зміцер Чарнель. Рэдэмптарысты візантыйскага абраду зноў прыйшлі ў Беларусь. Духоўныя паслядоўнікі блаславёнага Мікалая Чарнецкага, які ў 1930-х гг. быў апостальскім візітатарам таксама на беларускіх землях, пачынаюць служэнне сярод народу, які больш за ўсё пацярпеў ад палітыкі савецкага атэізму, каб прапаведаваць тут «вялікае Адкупленне» і ідэал адзінства Царквы Хрыстовай.

22.07.2013г.

Антанюк Ян Ігнатавіч

Асобы звязаныя з багародзічнымі парафіямі ў Мінску

Язэп Бараноўскі Высвячаны мітрапалітам Феліцыянам Валадковічам вікары і адміністратар катэдральнае царквы Успення (07.1777-17.05.1792)

а. Казімір Ляховіч

Айцец Казімір Ляховіч нарадзіўся 15 лістапада 1962 году ў в. Новадубовая, якая належала да Адэльскай рымска-каталіцкай парафіі, што пад Горадняй. У 1979 годзе паступіў у падпольную семінарыю. 1984 году ардынарый Кайшадорскай рыма-каталіцкай дыяцэзіі (Літва) Вінцэнт Сладкявічус таемна высьвяціў Казіміра Ляховіча на дыякана. У 1992 годзе дыякан Казімір Ляховіч атрымлівае дазвол на служэнне ва ўсходнім абрадзе і прымае праьвітарскія сьвячаньні з рук украінскага грэка-каталіцкага біскупа з Івана-Франкоўску Ўладыкі Сафрона Дмытэркі. Адразу пасля гэтага ён быў накіраваны для душпастырскай працы ў Мінск і прызначаны парахам у толькі што ўтвораную беларускую грэка-каталіцкую парафію Іконы Маці Божай Нястомнай Дапамогі. Сваё служэнне ў парафіі нёс да 28 лютага 2010 г.