Сёння свята Нараджэння Багародзіцы

У Святым Пісанні нідзе не ўзгадваецца пра нараджэнне Марыі. Традыцыя, аднак, кажа, што яе бацькамі былі святыя Яўхім і Ганна. Яны былі пабожнымі габрэямі. Дажылі да сталага ўзросту, але не было ў іх дзяцей. У тыя часы гэта лічылася карай за грахі продкаў. Таму Яўхім і Ганна рупліва прасілі Бога, каб даў ім дзіця.

Бог пачуў іх просьбы і ўзнагарадзіў за бязмежны давер — Ганна нарадзіла дачку, Марыю.

Месца і дата нараджэння Марыі невядомыя. Паводле розных крыніц, Марыя прыйшла на свет паміж 20 і 16 годам да нараджэння Ісуса Хрыста.

З апакрыфічных кніг, у якіх гаворыцца пра Марыю, варта назваць Протаевангелле Якуба, Евангелле Псеўда-Мацвея, Евангелле Нараджэння Марыі, арабскае Евангелле пра маладосць Хрыста, Гісторыю цесляра Язэпа і Кнігу аб прыйсці Марыі.

Найбольшы ўплыў на традыцыю Царквы аказала Протаевангелле Якуба. Датуецца яно прыкладна 150 годам, а значыць з’яўляецца найбольш блізкім па часе да Евангелля паводле Яна. Менавіта з гэтай кнігі мы даведваемся, што бацькамі Марыі былі святыя Яўхім і Ганна і што Марыя ў малым узросце была ахвяравана ў святыні, дзе і пасялілася. Зыходзячы з гэтых звестак, 21 лістапада Царква адзначае ўспамін Уваходу ў святыню Дзевы Марыі.

Першыя згадкі пра літургічны ўспамін нараджэння Марыі сягаюць у VI стагоддзе. Свята, праўдападобна, з’явілася ў Сірыі, дзе пасля Эфескага Сабору ў Царкве пашырыўся марыйны культ. Лічыцца, што гэтае свята ўвёў св. папа Сергій І у 688 г.

Дату 8 верасня Царква распаўсюдзілася ад Усходу. Свята распаўсюджвалася ў Царкве дастаткова марудна. Тлумачылася гэта тым, што ўся інфармацыя пра акалічнасці нараджэння Багародзіцы паходзіла з апокрыфаў.

У некаторых краінах свята Нараджэння Найсвяцейшай Дзевы Марыі называюць таксама святам Маці Божай Сеўнай. Існаваў старадаўні звычай толькі пасля гэтага свята распачынаць новую сяўбу, каб Марыя благаславіла зерне, кінутае ў зямлю.

У Італіі і некаторых лацінскіх краінах існуе культ Марыі Дзіцятка. У Італіі ёсць нават санктуарыі, дзе ўшаноўваецца Немаўлятка Марыя.

Гэтае свята нагадвае, што Марыя была звычайным чалавекам. Хоць і была яна захавана ад першароднага граху, аднак праз усё жыццё мела свабодную волю. Так, як кожны з нас, яна расла са сваімі бацькамі, бавілася, дапамагала па гаспадарцы, у яе былі знаёмыя і родныя. І толькі яе вера, паслухмянасць і поўны давер у адказ на Божы голас учынілі так, што «славяць яе ўсе пакаленні».

з https://catholic.by/3/news/belarus/6500-8-verasnya-svyata-naradzhennya-najsvyatsejshaj-panny-maryi

Пакінуць адказ

Fill in your details below or click an icon to log in:

WordPress.com Logo

You are commenting using your WordPress.com account. Log Out /  Змяніць )

Facebook photo

You are commenting using your Facebook account. Log Out /  Змяніць )

Connecting to %s

%d bloggers like this: