1. Кніга радаводу Езуса Хрыста, сына Давіда, сына Абрагама.
2. Абрагам быў бацькам Ізаака, а Ізаак быў бацькам Якуба, а Якуб быў бацькам Юды і братоў ягоных.
3. А Юда быў бацькам Фарэса і Зары з Тамары, а Фарэс быў бацькам Эсрома, а Эсром быў бацькам Арама.
4. А Арам быў бацькам Амінадаба, а Амінадаб быў бацькам Наасона, а Наасон быў бацькам Сальмона.
5. А Сальмон быў бацькам Баоза з Рагабы, а Баоз быў бацькам Абэда з Руты, а Абэд быў бацькам Есэя,
6. а Есэй быў бацькам Давіда караля, а Давід кароль быў бацькам Салямона з тае, што была Урыява.
7. А Салямон быў бацькам Рабаама, а Рабаам быў бацькам Абіі, а Абія ,быў бацькам Асы.
8. А Аса быў бацькам Язафата, а Язафат быў бацькам Ярама, а Ярам быў бацькам Озіі.
9. А Озія быў бацькам Ёатама, а Ёатам быў бацькам Ахаза, а Ахаз быў бацькам Эзэхіі.
10. А Эзэхія быў бацькам Манасэса, а Манасэс быў бацькам Амона, а Амон быў бацькам Ёзіі.
11. А Ёзія быў бацькам Ехоніі і братоў яго ў час перасяленьня ў Бабілён.
12. А па перасяленьні ў Бабілён Ехонія быў бацькам Салятыеля, а Салятыель быў бацькам Зарабабэля.
13. А Зарабабэль быў бацькам Абіюда, а Абіюд быў бацькам Эліяхіма, а Эліяхім быў бацькам Азора.
14. А Азор быў бацькам Садока, а Садок быў бацькам Ахіма, а Ахім быў бацькам Эліюда.
15. А Эліюд быў бацькам Элеазара, а Элеазар быў бацькам Матана, а Матан быў бацькам Якуба.
16. А Якуб быў бацькам Язэпа, мужа Марыі, з каторай нарадзіўся Езус, называны Хрыстос.
17. Дык ад Абрагама да Давіда ўсіх пакаленьняў было чатырнаццаць; і ад Давіда да перасяленьня ў Бабілён – чатырнаццаць пакаленьняў; і ад перасяленьня ў Бабілён да Хрыста – чатырнаццаць пакаленьняў
1. Калі затым нарадзіўся Езус у Бэтлееме Юдэйскім, у дні караля Герода, вось прыбылі магі з Усходу ў Ерузалім
2. і пыталіся: “Дзе той кароль Юдэйскі, што нарадзіўся? Бо мы бачылі зорку ягоную на Усходзе дый прыбылі пакланіцца яму”.
3. Пачуўшы гэтае, кароль Герод устрывожыўся, і увесь Ерузалім з ім.
4. Ды сабраўшы ўсіх першасьвятароў і кніжнікаў народа, даведваўся ад іх, дзе меў Хрыстос нарадзіцца.
5. А яны яму сказалі: “У Бэтлееме Юдэйскім, бо так напісана прарокам:
6. “І ты, Бэтлеем, зямля Юдзіна, ніякім чынам ня меншая між княстваў Юдзіных, бо з цябе зьявіцца Правадыр, які будзе валодаць Маім народам Ізраэлем”.
7. Тады Герод тайком паклікаў магаў і дакладна выведаў час зоркі, якая ім паказалася.
8. Ды, адпраўляючы іх у Бэтлеем, сказаў: “Ідзіце і даведайцеся дакладна пра Дзіцятка; і калі знойдзеце, паведаміце мне, каб і я прыйшоў пакланіцца Яму.
9. Яны, выслухаўшы караля, адправіліся ў дарогу. І вось зорка, якую – яны бачылі на Усходзе, папераджала іх, аж спынілася над месцам, дзе было Дзіця.
10. Убачыўшы зорку, яны вельмі ўсьцешыліся.
11. І, увайшоўшы ў дом, знайшлі Дзіцятка з Марыяй, Маткай Яго, і, упаўшы, пакланіліся Яму. Затым, адкрыўшы скарбы свае, ахвяравалі Яму дары: золата, кадзіла і міру.
12. І, атрымаўшы ў сьне наказ, каб не вяртацца да Герода, іншай дарогай вярнуліся ў свой край
Мацей 1.1-17,2.1-12
пераклад а. Уладзіслава Чарняўскага